be

Брыль Янка

Брыль Янка

Янка (Іван Антонавіч) БРЫЛЬ (4 жніўня 1917, Адэса — 25 ліпеня 2006), беларускі пісьменнік.

Янка Брыль нарадзіўся ў сям'і чыгуначніка Антона Данілавіча Брыля. У 1922 разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загора (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці, на той момант у Другой Рэчы Паспалітай). У 1931 Я. Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей. У 1939 прызваны ў армію, служыў у марской пехоце. Пасля пачатку вайны, у верасні таго ж году трапіў пад Гдыняй ў нямецкі палон, у 1941 уцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў. У 1942 Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944 — разведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкома партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыгала». Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г.п. Мір, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык».

У розныя гады Я. Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, вёў актыўную работу па ўмацаванню сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. Шмат сіл Я. Брыль аддаваў працы ў якасці старшыні Беларускага таварыства «СССР — Канада». Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», савецкімі і польскімі медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1981).

Пісаць Я. Брыль пачаў з чатырнаццаці год, але ўпершыню выступіў у друку толькі ў 1938. Пачалася творчая дзейнасць пісьменніка з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі, і з апавяданняў, у якіх талент пісьменніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна. У 1946 г. выйшла з друку першая кніга Я. Брыля пад сціплай назвай «Апавяданні», у якую ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць «У сям’і», прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі. Мастацкі летапіс любага сэрцу пісьменніка Наднямоння працягваюць яго другі зборнік «Нёманскія казакі» (1947), а таксама аповесці «Сірочы хлеб», працу над якой ён пачаў яшчэ да вайны, «У Забалоцці днее» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1952) і «На Быстранцы» (1955). Ужо гэтыя першыя творы вылучылі Я. Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету пранікнёна лірычнае апавяданне Я. Брыля «Галя» (1953), у якім на фоне жыцця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.

Настойліва звяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, тэмы народнага подзвігу. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне «Маці» (зборнік «Надпіс на зрубе», 1958) — гімн беларускай жанчыне, маці, якая не пабаялася ў час Вялікай Айчыннай вайны даць прытулак знясіленым чырвонаармейцам. Тэма вайны знайшла адлюстраванне і ў апавяданнях Я. Брыля са зборніка «Працяг размовы», які ў 1963 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Коласа. У пачатку 60-х гг. з’явіўся ў друку славуты раман Я. Брыля «Птушкі і гнёзды». Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў «кнігай адной маладосці». Стылёвыя пошукі Я. Брыля нарадзілі арыгінальнае спалучэнне эпічных і лірыка-псіхалагічных элементаў, тую напружана-эмацыянальную плынь, якая была незвычайнай для традыцыйнай рэалістычнай прозы тых часоў. Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…» (1975) — жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм. Яркай адметнасцю вылучаюцца такія выдатныя аповесці Я. Брыля, як «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа 1982) — творы глыбінна нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў. Аповесць «Ніжнія Байдуны» ад першай да апошняй старонкі ўспрымаецца як своеасаблівая паэтычная песня пра блізкіх аўтару людзей, яго землякоў. Уласцівы творчасці Я. Брыля аўтабіяграфізм асабліва адчуваецца ў гэтым творы. Аповесць «Золак, убачаны здалёк» — пра дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы. Крытыка адзначае, што ў беларускай літаратуры гэты твор практычна не мае роўных.

Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 60-х гг. і якія склалі кнігі «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Сёння і памяць» (1985), «Пішу як жыву» (1994), «Вячэрняе» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001), «Блакітны зніч» (2004), «Парастак» (2006). Мініяцюры Я. Брыля грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах, якія пісьменнік не проста ўзнаўляе, а перадае свае ўражанні ад іх, сваё глыбокае, заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае іх разуменне. Менавіта ў жанры лірычнай мініяцюры адчуваў сябе пісьменнік найбольш раскаваным. Мініяцюры былі своеасаблівай кнігай яго жыцця, лірычнай споведдзю прызнанага майстра пра сябе і свет, пра самых блізкіх людзей, пра светлыя і сумна трагічныя праявы быцця.

Уся творчасць Я. Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.

Перакладаў, з польскай на беларускую некаторыя творы Б. Пруса.

Крыніца: be.wikipedia.org

Брыль Янка. Выданьні

Муштук i папка
pdf mobi fb2 epub

Муштук i папка

апавяданні, мініяцюры, маленькая сага
Брыль Янка

У кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля ўвайшлі апавяданні i мініядюры, напісаныя ў розныя гады, i навейшая па часе напісання трагічна-ўзнёслая аповесць «Муштук i папка».... Болей »

Птушкі і гнёзды
pdf

Птушкі і гнёзды


Брыль Янка

Раман «Птушкі i гнёзды» i аповесць «Золак, убачаны здалёк» даволі даўно вядомыя нашаму чытачу, перакладзеныя на некалькі еўрапейскіх моў, а таксама i навейшая па часе напісання трагічна-ўзнёслая аповесць «Муштук i папка» ўтвараюць своеасаблівы таленавіты трыпціх, тройчы па-рознаму арыгінальна, яскрава... Болей »

Парастак
mobi fb2 epub pdf

Парастак

запісы i эсэ
Брыль Янка

Новая кніга народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля — гэта своеасаблівы працяг лірычнай споведзі аўтара пра свет i пра сябе, пра людзей далёкіх i блізкіх, пра свой радавод. Прызнаны майстра прозы шчодра дзеліцца з чытачамі багаццем сваёй душы, шырока расчыняючы брамы скарбаў свайго жыцця, па якім ён... Болей »

Золак, убачаны здалёк
epub

Золак, убачаны здалёк


Брыль Янка

На адной з дзвюх бліжэйшых ліп хаваецца ў кроне буслянка. Мноства разоў на дзень жыхары яе зверху абмахваюць бела-чорнымі крыламі зялёна-залацісты гуд, то асядаючы на гняздо, то зноў узлятаючы. Сям'я з трыма падлеткамі, што яшчэ чарнадзюба хекаюць ад спёкі i, стоячы ў гняздзе, з трывожнай цікаўнасцю... Болей »

Блакітны зніч
fb2 mobi epub pdf

Блакітны зніч

Лірычнае
Брыль Янка

«Блакітны зніч» — лірычная споведзь прызнанага майстра прозы пра сябе i свет, пра самых блізкіх людзей, пра светла-ўзнёслыя i сумна-трагічныя праявы быцця, пра ўсё тое, што дапамагае па-сапраўднаму жыць, верыць i спадзявацца на Чалавечае ў чалавеку.... Болей »

З людзьмі і сам-насам
mobi fb2 epub pdf

З людзьмі і сам-насам

Запісы, мініяцюры, эсэ
Брыль Янка

Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі і сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў і мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага... Болей »

Я з вогненнай вёскі...

Я з вогненнай вёскі...


Адамовіч Алесь, Брыль Янка, Калеснік Уладзімір

Гэта кніга-дакумент, у якой сабраны запісаныя аўтарамі на працягу 1970—1973 гадоў сведчанні ўцалелых жыхароў з многіх беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з людзьмі.... Болей »

Сцежкі, дарогі, прастор
mobi fb2 epub pdf

Сцежкі, дарогі, прастор

Лірычныя замалёўкі
Брыль Янка

За гады вандраванняў па роднай краіне, па блізкім i далёкім белым свеце ў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля замалёвак сабралася даволі шмат. Яны — па часе з'яўлення — расцярушаны па кнігах, а цяпер аўтару задумалася лепшыя з ix сабраць у адну кніжку i прапанаваць юнаму чытачу, як сведчанне любові... Болей »

Запаветнае
pdf

Запаветнае

Выбраныя творы
Брыль Янка

У аднатомнік увайшлі найбольш значныя творы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыл я розных жанраў—аповесці, апавяданні, мініяцюры, эсэ, напісаныя за паўстагоддзя літаратурнай дзейнасці. Гэта — дзесяты том «Беларускага кнігазбору».... Болей »

Цуды ў хаціне

Цуды ў хаціне

Апавяданні
Брыль Янка

Творы народнага пісьменніка Беларусі, выдатнага майстра роднага слова Янкі Брыля, якія ўключаны ў гэты зборнік, выдаваліся раней. Яны знайшлі ў чытачоў шырокі водгук своеасаблівай аўтарскай адметнасцю, душэунай дабрынёй і мудрасцю.... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org