be

Мудроў Вінцэсь

Мудроў Вінцэсь

Мудроў Вінцэсь (11.09.1953, Полацак), беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад перасьледаў з боку КГБ.

Дзяцінства і юнацтва М., сын савецкага афіцэра (расейца па нацыянальнасьці), правёў на радзіме маці ў Беларусі. У старэйшых клясах сярэдняй школы № 2 Наваполацку ён ужо быў вядомы ў моладзевым асяродку як чалавек, што крытычна ставіўся да савецкае рэчаіснасьці і адчуваў у сувязі з гэтым ціск з боку адміністрацыі, непасрэднай прычынай для якога паслужыла вывешваньне на школьнай дошцы аб'яваў праграмаў передачаў «Голаса Амэрыкі», «Радыё Саабода» і іншых заходніх радыёстанцыяў. .

У пэрыяд вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце стаў ініцыятарам выданьня рукапіснага літаратурна-мастацкага часопісу «Блакітны ліхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусьціў у 1971-1974 15 нумароў часопіса. Нумар, цалкам падрыхтаваны М., зьмяшчаў ягоныя меркаваньні па праблеме беларускай мовы і яе пэрспэктываў ва ўмовах СССР. Поруч з чыста літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе пастаянна зьмяшчаліся публіцыстычныя творы, дзе крытыкавалася праводзімая ў Беларусі палітыка русіфікацыі. У адным са сваіх вершаў М. параўнаў беларусаў са зьніклым народам этрускаў. .

Часопіс паступова павялічыў лік аўтараў і акрамя Полацку і Наваполацку дастаткова шырока чытаўся і меў рэзананс у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і іншых менскіх вышэйшых установах. У 1974 на сьлед часопісу выйшаў КГБ. У вачох гэтае інстытуцыі ўяўляла грамадзкую небясьпеку ўжо сама беларуская мова моладзевага альманаху, які выходзіў у «інтэрнацыянальным сацыялістычным горадзе», у якасьці якога Наваполацак паказваўся афіцыйнай прапагандай. Усе нумары «Блакітнага ліхтара» былі канфіскаваныя. З М. і інш. выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гутаркі», у выніку чаго выпуск часопіса прыпыніўся. .

У 1976 М. скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Па прычыне палітычнай ненадзейнасьці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод «Вымяральнік», які належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў. .

У другой палове 1970-1980-х М. актыўна займаўся капіяваньнем і распаўсюджваньнем забароненай у СССР літаратуры, у прыватнасьці, твораў М.Булгакава «Ракавыя яйкі» і «Сабачае сэрца». Асаблівае месца ў гэтай дзейнасьці займала нелегальнае распаўсюджваньне недаступных беларускаму чытачу навуковых і публіцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару: «Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка» В.Ластоўскага, беларускага часопіса «Крывіч»; антыкамуністычных вершаў і паэмаў вязьня ГУЛАГу паэткі Ларысы Геніюш. М. наведваў Л.Геніюш у яе доме ў Зэльве Гарадзенскай вобл.; у 1983 удзельнічаў у пахаваньні паэткі, якое адбылося пад татальным кантролем КГБ. .

Працаваў на прадпрыемствах Наваполацку, а пасьля Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі РСФСР. Пастаянна адчуваў увагу КГБ. У 1986 супрацоўнікі КГБ падчас чарговай «прафіляктычнай гутракі» пагражалі выслаць М. зь Ямала-Нянецкай акругі за антысавецкую дзейнасьць. .

У канцы 1980-х М. вярнуўся ў Беларусь і цяпер жыве ў Наваполацку. Ён займае актыўную грамадзкую пазыцыю: з 1990 - сябра Беларускага Народнага Фронту, удзельнічае ў акцыях дэмакратычнай апазыцыі. З 1995 - карэспандэнт «Радыё Свабода» па Полацкім рэгіёне. Вядомы таксама як аўтар некалькіх кнігаў мастацкае прозы і перакладчык з альбанскае і расейскае моваў. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру. (Уладзімір Арлоў) .

Крыніца: Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік.

Мудроў Вінцэсь. Выданьні

Восень у Вільні
mp3

Восень у Вільні

апавяданні
Мудроў Вінцэсь

Гэтая кніга выдадзеная ў якасці ўзнагароды за трэцяе месца ў конкурсе Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ў 2018 годзе (за кнігу Мудроў Вінцэсь. Забойца анёла). Зборнік складаюць 10 апавяданняў рознай тэматыкі, сярод якіх вылучаецца навела “Восень у Вільні”, у якой апавядаецца пра падзеі, звязаныя з... Болей »

Халхінголка
epub

Халхінголка

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Прымацаваўшы падшлемнік, Кастан нацубіў каску на галаву, падышоў да люстра і не пазнаў сябе. На яго глядзеў істапраўны эсэсавец. Дарма, што замест чорнага мундзіра на ім была саколка з выявай Мікі Маўса. Адкінуўшыся крыху назад, Кастан пстрыкнуў пальцам па металу і пачуў глухі зык. Штальхельм М-40. Шэсцьдзясят... Болей »

Валноў, Штукатураў і Маравія
epub

Валноў, Штукатураў і Маравія

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Сто гадоў ніхто не пісаў, а вось учора атрымаў е-мэйл. Нейкая студэнтка прапанавала напісаць — як я стаў пісьменнікам. Дзяўчына паведаміла, што колькі празаікаў ужо адказалі на гэтае пытанне, і неўзабаве адказы пабачыць свет. Я, вядома, адмовіўся ад такой прапановы. Выпінаць запалую грудзіну, закідваючы... Болей »

Кот Базыль
epub

Кот Базыль

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Базыль жыве ў хаце, што месціцца ў канцы вясковай вуліцы, і кожнай раніцы ходзіць лавіць мышэй на Дабранскую гару. Насамрэч гэта ніякая не гара, а парослы пустазеллем пагорак са старой ліпай на вершаку. Летам на пагорку стагуюць сена, таму там і развялося шмат палёвак. Апоўдні, змарыўшыся, кот узбіраецца... Болей »

Чорны Дор
epub

Чорны Дор

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Больш за ўсё на свеце Ганна баялася падвойнага падбародка. Таму кожнага ранку, выкуліўшыся з пасцелі, ставала перад люстрам і, задзёршы галаву, праводзіла пальцамі па гладкай, як у дзіцяці, шыі. І хоць падвойны падбародак дагэтуль не праглядаўся, жанчына ўздыхала і скоса пазірала на швейную машынку.... Болей »

Два беларусы
epub

Два беларусы

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Пад самую раніцу быццам хтосьці паклікаў, ён абудзіўся. Пад бокам працяжна, з сіпатым прысвістам, храпла жонка. Ён тузануў Ніну за плячо, тая замармытала, крутнулася на левы бок. У свядомасці яшчэ луналі рэшткі сну. І, як заўсёды пасля цяжкога дня, прыснілася груша, якая расла каля бацькавай хаты. Дзіўныя... Болей »

Прынцэса Фаўзія
epub

Прынцэса Фаўзія

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Пад канапай натужліва стракоча будзільнік. Змагаючыся з рэшткамі сну, намацваю бразготку млявымі пальцамі, цісну на гузік. Бацька на мінулым тыдні хварэў, пачуў тое стракаценне і быў незадаволены. Сказаў: пасля ўзыходу сонца ўсе нармальныя людзі павінны прачынацца без будзільніка. Але што зробіш, калі... Болей »

Дом творчасці
epub

Дом творчасці

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

За вокнамі з урачыстай павольнасцю праплылі гарадскія ўскраіны, аўтобус з’ехаў з магістралі і, страсянуўшыся на калдабане, пакаціў па гравійцы. Паабапал дарогі паўстаў непраглядны лес, і ў салоне стала прыцемна. Юрась паправіў гальштук, скасіў вока на вадзілу. Рабаціністы малец у кудлатай, як у басмача... Болей »

Тайна Пронінай сажалкі
epub

Тайна Пронінай сажалкі

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Душным летнім вечарам, прыкладна а 19-й гадзіне, з піўбара «Эрыдан», што сціпла прыляпіўся да ўскрайку гарадcкога парку, выйшлі двое мужчынаў. Адзін з іх, маленькі, чарнявы, апрануты ў пакамечаную вятроўку ды мышастага колеру нагавіцы, быў ніхто іншы, як намеснік галоўнага рэдактара мясцовай газеты «Мандрыкаўскі... Болей »

У Вільні
epub

У Вільні

апавяданне
Мудроў Вінцэсь

Пасля трэцяй «пары» Мішку перахапіў на інстытуцкім калідоры куратар і папрасіў адведаць аднагрупніка, які не прыходзіў на заняткі. І хаця хлопец меў іншыя планы, аднак мусіў, не заходзячы дадому, ехаць у перапоўненым аўтобусе на другі канец горада. Лёшка Рындзюк, так звалі аднагрупніка, здымаў пакой... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org